
Крызіс сістэмы аховы псіхічнага здароўя ў Беларусі: міліцыя ў белых халатах
Сітуацыю ў сферы аховы псіхічнага здароўя ў Беларусі можна коратка ахарактарызаваць як перманентны крызіс. Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя сярод моладзі — групы, якая сутыкаецца з узмоцненым псіхалагічным ціскам, няпэўнасцю будучыні і абмежаваным доступам да якаснай дапамогі. Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падрыхтавала рапарт аб крытычным стане сістэмы аховы псіхічнага здароўя ў Беларусі і яе ўплыву на ахову правоў чалавека ў дачыненні да моладзі.
Рапарт быў прыгатаваны для Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН. У ім мы прааналізавалі агульны стан псіхічнага здароўя насельніцтва ў Беларусі, сітуацыю з псіхічным здароўем дзяцей і моладзі, як псіхіятрыя стала інструментам рэпрэсій у руках дзяржавы, што дзяржава робіць з існуючымі сістэмнымі праблемамі?
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, каля 25% насельніцтва Беларусі (кожны чацвёрты жыхар) пакутуе ад розных псіхічных разладаў, такіх як трывожнасць і дэпрэсія. Толькі дэпрэсіяй пакутуюць больш за 450.000 чалавек.
У першай палове 2024 года колькасць самагубстваў сярод непаўналетніх вырасла на 50%, пры гэтым узрост ахвяр знізіўся да 10 гадоў. Адзначаецца востры дэфіцыт псіхолагаў у навучальных установах (вакансіі складаюць 17–18%) і неэфектыўнасць дзяржаўных праграм прафілактыкі. Таксама зафіксаваныя выпадкі самагубстваў сярод студэнтаў ВНУ.
Псіхіятрыя ў Беларусі ўсё часцей выкарыстоўваецца як інструмент падаўлення палітычнага іншадумства. З 2020 года зафіксавана не менш за 33 выпадкі прымусовага псіхіятрычнага лячэння ў дачыненні да асоб, якія выказвалі нязгоду з уладамі.
Зняволеныя з псіхічнымі разладамі ўспрымаюцца адміністрацыяй турмаў не як пацыенты, а як «дысцыплінарная праблема». Замест падтрымкі іх часта ізалююць у штрафных ізалятарах (ШІЗА) або памяшканнях камернага тыпу (ПКТ).
На псіхіятрычную дапамогу выдзяляецца толькі 1,9% бюджэту аховы здароўя, пры гэтым больш за 80% гэтых сродкаў ідзе на ўтрыманне бальніц, а не на падтрымку на ўзроўні супольнасцей. Сістэма застаецца арыентаванай на стацыянары і біямедыцынскі падыход (спадчына савецкіх часоў), ігнаруючы патрэбы пацыентаў у сацыяльнай інтэграцыі. У краіне няма нацыянальнай стратэгіі, накіраванай на псіхічны дабрабыт моладзі.
Змены ў заканадаўстве пашырылі пералік выпадкаў, калі псіхолагі могуць раскрываць канфідэнцыяльную інфармацыю без згоды кліента. Існуюць жорсткія абмежаванні на атрыманне адукацыі на даму для людзей з псіхічнымі разладамі, уключаючы працяглыя тэрміны чакання пацвярджання «неэфектыўнасці лячэння».
Афіцыйныя СМІ і акадэмічныя колы часта перакладаюць адказнасць за самагубствы моладзі на знешнія фактары (напрыклад, «групы смерці» або тэорыю «акна Овертана»), ігнаруючы ўнутраныя псіхалагічныя пакуты і сацыяльны ціск на падлеткаў.
Поўны тэкст рапарту чытайце па спасылцы!