
Пашпарт замежніка ў Нарвегіі: Складанасці для беларусаў_ак
4 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які забараняе выдачу пашпартоў грамадзянам_кам Беларусі за мяжой. Гэтае рашэнне асабліва закранула тых беларусаў_ак, якія не могуць вярнуцца на радзіму з-за палітычных пераследаў. У такіх выпадках яны вымушаныя шукаць альтэрнатыўныя дакументы, што сведчаць аб іх асобе, і адным з такіх дакументаў з'яўляецца пашпарт замежніка.
Нарвегія – адна з краін, дзе існуе механізм атрымання пашпарта замежніка, аднак для беларусаў_ак гэты працэс суправаджаецца шэрагам складанасцяў, звязаных з ацэнкай палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падрыхтавала аналітычны дакумент, які падрабязна тлумачыць прычыны гэтай праблемы.
Падчас глыбінных інтэрв’ю з беларусамі ў Нарвегіі высветлілася, што заяўнікі_цы сутыкаюцца з сур’ёзнымі перашкодамі і адмоўнымі рашэннямі па наступных прычынах:
Тып віду на жыхарства: дзеючыя патрабаванні не маюць выразнасці, што прыводзіць да адмоваў на тэхнічных падставах, а не з улікам асабістых абставінаў.
Адсутнасць дакументальнага пацверджання адмовы: немагчымасць падаць заяву на пашпарт у беларускіх амбасадах за мяжой не дазваляе атрымаць афіцыйную адмову, якая патрабуецца па працэдурах.
Недастатковая ацэнка рызыкаў: Міграцыйная служба Нарвегіі (UDI) недаацэньвае небяспеку, якой падвяргаюцца беларусы_кі пры вяртанні на радзіму, нягледзячы на дакументальныя сведчанні працяглых рэпрэсій.
Асобныя цяжкасці для беларусаў_ак: змяненне статусу жыхарства, напрыклад, атрыманне пастаяннага віду на жыхарства, становіцца немагчымым без сапраўднага беларускага пашпарта.
Рост рэпрэсій у Беларусі: новыя законы абмяжоўваюць свабоду сходаў, выказвання і пераследуюць тых, хто выступае супраць рэжыму, што робіць вяртанне небяспечным для многіх.
Асабістыя рызыкі: шматлікія беларускія эмігранты_кі, уключаючы апытаных, сутыкаюцца з канкрэтнымі пагрозамі арышту і пераследу з-за мінулай дзейнасці ці сваяцтва.
Нашы рэкамендацыі ў цяперашняй сітуацыі:
Адаптаваць нарвежскае заканадаўства: Закон аб іміграцыі мусіць быць перагледжаны з улікам выключных абставінаў, у якіх апынуліся беларусы_кі.
Прызнаць палітычную рэчаіснасць: UDI павінна прызнаць палітычна матываваныя адмовы ў выдачы пашпартоў беларускімі ўладамі і небяспеку, якой падвяргаюцца людзі пры вяртанні.
Аддаваць перавагу індывідуальнай ацэнцы: Заявы павінны разглядацца з улікам асабістай сітуацыі і рызыкаў, а не толькі праз жорсткае тлумачэнне рэгламентаў.
Цяперашняя сітуацыя ставіць многіх беларусаў у юрыдычную пастку, пагражаючы іх знаходжанню ў Нарвегіі і бяспецы пры магчымым вяртанні. Прызнаўшы ўнікальныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы_кі, і адаптаваўшы сваю палітыку, Нарвегія можа стаць сапраўдным прытулкам для тых, хто ўцякае ад пераследу.
Дакумент ужо быў пададзены ў Міграцыйную службу і Міністэрства юстыцыі Нарвегіі.
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў вітае любую падтрымку азначаных рэкамендацый праз распаўсюд дакумента, згадванне яго ў публічных матэрыялах і адкрытыя звароты да нарвежскіх уладаў. Выкарыстанне інфармацыі з дакумента дазваляецца толькі пры ўказанні крыніцы — Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС).
Каб прачытаць увесь дакумент, перайдзіце па спасылцы.