«Ці магчыма адукацыя XXI стагоддзя без самакіравання?»
Вынікі публічнай дыскусіі з серыі «Адукацыя для новай Беларусі». Серыя праводзіцца Офісам па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай сумесна з «Сумленным універсітэтам» і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў.
У першай частцы эксперты і эксперткі абмеркавалі сітуацыю з самакіраваннем і магчымасці яго арганізацыі ў Беларусі сёння, умовы рэалізацыі, прынцыпы і мэты самакіравання на ўсіх узроўнях адукацыі.
Прынцыпы арганізацыі самакіравання па версіі ЗБС:
- незалежнасць ад адміністрацыі;
- легальнасць (статус мае быць замацаваны ў Кодэксе аб адукацыі);
- дэмакратычнасць (склад самакіравання павінен абірацца);
- магчымасць уплыву на адміністрацыю.

Даніла Лаўрэцкі (ЗБС) коратка ахарактарызаваў стан студэнцкага самакіравання. Ён адзначыў, што ў дзейным Кодексe аб адукацыі гэта паняцце адсутнічае, а ў тых ВНУ, якія ўключылі яго ва ўласныя НПА, яно носіць фармальны характар. Такім чынам, заявіў прадстаўнік ЗБС, студэнцкага самакіравання ў Беларусі на дадзены момант няма.

Для змены сітуацыі неабходна, каб органы студэнцкага самакіравання былі незалежнымі ад адміністрацыі, а іх статус быў замацаваны ў нарматыўных дакументах. Не менш важныя адкрытыя дэмакратычныя выбары, стандарты якіх павінны быць зададзены самім жа студэнцтвам.

Уплыў студэнцкага самакіравання на працэс навучання прадугледжвае ўдзел студэнтаў у саветах універсітэтаў, у тым ліку ў выбарах рэктара і дэканаў, падкрэсліў Даніла. Таму ў рэгламентах стварэння і працы саветаў павінны быць замацаваныя квоты для студэнцкага прадстаўніцтва.
Саша Кузьміч (ЗБС) абгрунтавала неабходнасць увядзення дзейнага інстытута студэнцкага самакіравання з пункту гледжання сучасных падыходаў да навучання, якія прадугледжваюць пераход ад выкладання да навучання, гнуткія адукацыйныя траекторыі і высокі ўзровень удзелу навучэнцаў.

Спаслаўшыся на заяву Еўрапейскага саюза студэнтаў (верасень, 2020), яна прапанавала асноўныя прынцыпы арганізацыі самакіравання: фармалізаванасць, рознаўзроўневасць і значнасць.

Саша таксама звярнула ўвагу на тое, што ўдзел у Балонскім працэсе прадугледжвае стварэнне заканадаўчых механізмаў па забеспячэнні студэнцкага ўдзелу. У Беларусі ў 2015 годзе па рашэнні міністра адукацыі створаны Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры міністры адукацыі Беларусі. Аднак гэты савет не самастойны: яго члены не абіраюцца студэнцтвам, а прызначаюцца.

У заключэнні Саша задала ўдзельнікам/цам дыскусіі пытанне: ці можа існаваць студэнцкае самакіраванне ў бягучай палітычнай сітуацыі?
Наступны эксперт Зміцер падкрэсліў, што і ў школах самакіраванне навучэнцаў існуе толькі на паперы. «Усю прастору ў агульнай сярэдняй адукацыі займаюць педагогі, суправаджэнне і кантроль», — сказаў ён. Адсутнасць практыкі самакіравання ў школе вядзе да несамастойнасьці і пасіўнасці і ў будучым студэнцкім жыцці. Зміцер звярнуў увагу на спецыфіку арганізацыі школьнага самакіравання, бо яно патрабуе значнага ўдзелу з боку педагогаў.

Калі ў школьнай адукацыі будзе выбудаваная добрая сістэма самакіравання, гэта палегчыць жыццё выкладчыкам, дасі імпульс да развіцця ўстаноў і творчай ініцыятывы і будзе спрыяць выхаванню прававой культуры. Уменне выказваць свой пункт гледжання, уменне быць пачутым, аргументаваць і даказваць — іншымі словамі, удзельнічаць у грамадскім жыцці — усё гэта магчыма толькі пры наяўнасці самакіравання, падкрэсліў эксперт.
Без крытычнага і пратэстнага руху вучняў любыя фармальныя камітэты самакіравання не маюць сэнсу.
Літоўскі філосаф і інтэлектуал Гінтас Мажэйкіс падзяліўся разважаннямі пра ўзаемасувязь фармальнага і нефармальнага самакіравання. Самакіраванне ў сістэме адукацыі Гінтас разглядае ў рамках крытычнай тэорыі (Г. Маркузэ, Т. Адорна, М. Хоркхаймера і інш.) і крытычнай педагогікі (Паўлу Фрейрэ і Генры Жыру).

У кантэксце гэтых тэорый спантанныя альтэрнатыўныя рухі (нязгода або пратэст) —адзін з важных спосабаў нефармальнага самакіравання. «Канфлікт — гэта норма, — сказаў Гінтас. — Калі няма канфлікту, то студэнцкія або вучнёўскія саветы несапраўдныя».

Літоўскі эксперт таксама звязаў самакіраванне з магчымасцю выхаду за межы фармалізаванай сістэмы праз кіраванне ўласным развіццём у рамках нефармальнай і асабліва інфармальнай (за межамі адукацыйнага асяроддзя) адукацыі.
У другой частцы дыскусіі удзельніцы і ўдзельнікі падзяліліся сваім вопытам у арганізацыі самакіравання, бачаннем, чаму гэта важна і абмеркавалі, ці магчыма на дадзены момант пачаць працэс самакіравання ў Беларусі.

У ходзе сумеснага абмеркавання былі намечаныя крокі, якія важна зрабіць ужо цяпер для таго, каб у будучыні самакіраванне стала значным складнікам беларускага адукацыйнага працэсу.

Самакіраванне — гэта рэальная магчымасць для навучэнцаў і студэнтаў/к уплываць на рашэнні ў сферы адукацыі на ўсіх узроўнях. У арт. 25 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі замацаваная магчымасць стварэння органаў самакіравання, аднак рэальна яны існуюць толькі ў справаздачных дакументах устаноў адукацыі, а спробы легалізацыі органаў самакіравання не мелі плёну. На сённяшні дзень рэальнага самакіравання ва ўстановах адукацыі Беларусі няма.
З гэтага вынікае праблема нізкай ўцягнутасці навучэнцаў і студэнтаў у грамадскае жыццё. Педагогі, загружаныя бюракратычнымі абавязкамі, не заахвочваюць ініцыятывы навучэнцаў па самакіраванні. Усе працэдуры з'яўляюцца звышфармальнымі.

Неабходна пераадолець існае адчужэнне навучэнцаў і настаўнікаў/ц і пазбавіцца ад падначаленага становішча ўсіх удзельнікаў/ц адукацыйнага працэсу. Дасягнуць гэтага можна з дапамогай арганізацыі фармальнага і нефармальнага самакіравання. Усведамленне сваіх правоў, уменне своечасова распазнаць іх ушчамленне і здольнасць іх адстойваць — аснова самакіравання.
Пачніце з дзіцячага садку: шматлікія праблемы пачынаюцца менавіта з гэтай ступені
У школах магчымасці шмат у чым залежаць ад ініцыятывы і кампетэнтнасці адміністрацыі і педагогаў-арганізатараў — прапануйце розныя фарматы павышэння кваліфікацыі ў гэтай сферы
Стварайце навучальныя пляцоўкі для навучэнцаў, фармуйце крытычнае
мысленне, культуру дэмакратыі, культуру камунікацыі, палітычную
пісьменнасць
Забяспечвайце магчымасць уплываць на працэсы ў межах малых праектаў і гульняў
Стварайце базу паспяховых ідэй і праектаў