
Стан Беларускай Акадэміі 2025
Стан Беларускай Акадэміі 2025 — частка адвакацыйнай дзейнасці ЗБС, накіраванай на асвятленне сітуацыі ў беларускай акадэмічнай сферы.
Дакумент ахоплівае розныя трэнды ў беларускай прасторы вышэйшай адукацыі, у тым ліку палітычныя рэпрэсіі супраць студэнтаў_к і выкладчыкаў_ц за ўдзел у пратэстах, крытыку ўладаў і г.д., а таксама незалежных адукацыйных ініцыятыў; ідэалагізацыю і мілітарызацыю вышэйшай адукацыі, выкарыстанне студэнтаў_к ў палітычных мэтах падчас прэзідэнцкіх выбараў, а таксама становішча беларускага студэнцтва за мяжой, з фокусам на студэнцтва ў Літве і Польшчы.
У 2025 годзе беларускі рэжым працягваў выкарыстоўваць акадэмічную прастору як месца для прасоўвання сваіх наратываў і ідэалагічнай індактрынацыі. Студэнтаў_к прымушалі ўдзельнічаць у мерапрыемствах, падтрымліваючых культ асобы А. Лукашэнкі, сустрэчах з прапагандыстамі_камі і прадстаўнікамі_цамі сілавых структур.
У сценах ВНУ працягваюць адбывацца паказальныя палітычныя суды, лекцыі пра «экстрэмізм» і прагляды прапагандысцкіх фільмаў. На некаторыя падобныя ідэалагічна афарбаваныя мерапрыемствы адміністрацыі ўніверсітэтаў запрашаюць прарасійскіх актывістаў ці ваенных прапагандыстаў.
Адначасова ўзмацняецца мілітарызацыя акадэміі і ціск на моладзь, якая плануе навучанне за мяжой. Беларускія ўлады ўскладняюць атрыманне дакументаў для паступлення ў замежныя ВНУ і захоўваюць строгія механізмы прымусовага размеркавання выпускнікоў_ц унутры краіны.
Беларускія студэнты_кі за мяжой таксама сутыкаюцца з рознымі выклікамі. Студэнцтва ў Літве атрымлівае пагрозы палітычнага пераследу праз прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». Студэнты_кі ў Польшчы сутыкаюцца з бюракратычнымі цяжкасцямі праз заканадаўчыя змены, датычныя прыему на вучобу. Усё яшчэ актуальныя праблемы, выкліканыя немагчымасцю замяніць беларускі пашпарт і, адпаведна, неабходнасцю атрымліваць альтэрнатыўныя дакументы ў еўрапейскіх краінах.
У пачатку дакумента можна знайсці кароткае падсумаванне, а ў канцы — рэкамендацыі для замежных арганізацый, універсітэтаў і іншых інстытуцый.