Адказы на папулярныя пытанні
Прачыталі пра нас, але засталіся пытанні? Не разумееце як далучыцца да каманды? Чытайце наш FAQ:
1.Што цяпер уяўляе сабой ЗБС?
ЗБС (ад бел. Задзіночанне беларускіх студэнтаў) — гэта найстарэйшая беларуская студэнцкая арганізацыя, створаная напрыканцы 80-ых гадоў. Гісторыю дзейнасці і чаму гэта адзіная арганізацыя, здольная прэтэндаваць на званне нацыянальнага студэнцкага саюза, чытайце тут.

На апошнім Агульным Сходзе ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у Беларусі мы вырашылі перафармаваць ЗБС пад патрэбы студэнцкіх стачкамаў і ініцыятыўных груп беларускіх універсітэтаў, якія ўтварыліся увосень 20-га падчас мірнага пратэсту супраць беззаконня і гвалту ў нашай краіне.

Цяпер ЗБС — гэта арганізацыя, якая аб'ядноўвае былыя стачкамы і ініцыятыўныя групы універсітэтаў, перарослыя ў Студэнцкія Аб'яднанні беларускіх Універсітэтаў. Поўны спіс прадстаўленых універсітэтаў тут.
2. ЗБС, Асацыяцыя, Задзіночанне, студэнцкая арганізацыя … Я крыху заблытаўся, можна яшчэ раз?
ЗБС = Асацыяцыя = Задзіночанне = Студэнцкая арганізацыя. ЗБС — сталая абрэвіятура для беларускай назвы «Задзіночанне беларускіх студэнтаў». Асацыяцыя — нішто іншае, як пераклад слова «Задзіночанне» на рускую мову. Па сваёй форме ЗБС з’яўляецца арганізацыяй у форме асацыяцыі — аб’яднання роўных незалежных сутнасцяў - Студэнцкіх Аб’яднанняў (СА) Універсітэтаў.
3. Атрымліваецца, аснова ЗБС — гэта адміністратары Telegram-каналаў накшталт «МДЛУ за Свабоду», «Мірны БДУІР» і гэтак далей?
Мы хочам адысці ад фармату, дзе телеграм-каналы проста выдаюць студэнтам план, па якім яны мусяць дзейнічаць.

Зараз атрымліваецца так, што студэнцкія актыўнасці арганізоўвае маленькая і закрытая група людзей. Наша місія — зрабіць так, каб шырокая студэнцкая супольнасць магла планаваць і кіраваць акцыямі. Тэлеграм-каналы стануць пляцоўкамі для выяўлення агульных меркаванняў і патрабаванняў студэнтаў, а таксама анансавання студэнцкіх актыўнасцяў, каб да іх далучылася больш неабыякавых студэнтаў.
4. Навошта актывісцкім групам універсітэтаў аб'ядноўвацца?
Наладжаная камунікацыя і абмен досведам дапамогуць нам не паўтараць памылак і распаўсюджваць удалыя ініцыятывы і прапановы на ўсе універсітэты. Напрыклад, новыя ідэі акцыяў або механізмы актывісцкай бяспекі.

А яшчэ мы верым, што студэнты універсітэтаў адзіныя ў сваіх ключавых патрабаваннях, і гэтыя патрабаванні будуць гучаць гучней і больш важка, калі будуць прамоўленыя не ад асобных студэнтаў, аб’яднанняў або ініцыятываў, а ад усяго студэнцтва Беларусі, якое мы марым аб’яднаць.
5. Якія ўніверсітэты ўжо ўваходзяць у Асацыяцыю?
Мы аб'ядналі 15 універсітэтаў: Акадэмія Мастацтваў, Акадэмія Музыкі, БарДУ, БДМУ, БДПУ, БДТУ, БДУ, БДУІР, БДУКМ, БДУФК, БДЭУ, ВДМУ, ГрДУ, МДЛУ і ПДУ.

Калі вашага універсітэта яшчэ няма ў гэтым спісе, але ў вас таксама ёсць ініцыятыўная група і вы хочаце далучыцца да нас — пішыце! Проста прайдзіце па гэтай спасылцы і мы звяжамся з вамі цягам дня.
6. Якая ваша фундаментальная грамадска-палітычная мэта?
Усталяванне дэмакратычнага ладу ў Беларусі, у тым ці іншым выглядзе.

Павелічэнне масавасці пратэсту і палітызацыя студэнцтва праз стварэнне агульнай праграмы, выразнага алгарытму дзеянняў, узмацненне працы ўласных медыя. Гэта будзе пацвярджэннем таго, што большасць студэнцтва не падтрымлівае дзеючую ўладу і стане прамежкавымі прыступкамі для перамогі народнага пратэсту.
7. Пфф… Дык вы — проста яшчэ адна «агульнапратэстная» ініцыятыва за ўсё добрае і супраць усяго благога?
Не, мы — студэнцкая арганізацыя. Мы займаемся не толькі «барацьбой з уладай». Таксама мы абараняем правы студэнтаў на месцах, рыхтуем планы рэформаў беларускай адукацыі і спрабуем павысіць ейную якасць ужо цяпер.

У будучыні мы будзем змагацца за ўвядзенне шырокага самакіравання ўва універсітэтах, празрыстае фінансаванне і выдаткі ў галіне адукацыі і агулам павышэнне адукацыйнага і навуковага патэнцыялу нашай краіны. На жаль, без перафарматавання грамадска-палітычнага ладу гэтага не атрымаецца і мы гэта цвяроза разумеем.
8. Мне ўсё падабаецца. Як далучыцца да вашай дзейнасці?
Усё проста! Каб далучыцца па агульных кірунках, проста запоўніце гэтую форму.

Калі вы хочаце далучыцца да дзейнасці Студэнцкага Згуртаваньня вашага ўніверсітэта — выберыце і запоўніце адпаведную форму, выбраўшы са спісу свой універсітэт.
9. Усё добра, але я ўжо не студэнт…
Нічога страшнага! Дапамажыце нам у якасці валанцёра.

А таксама падтрымаце нас фінансава. Каб зрабіць гэта, проста перайдзіце па спасылцы і ў данат-боксе абярыце «Падтрымаць нашу барацьбу за свабоду». Сабраныя грошы ідуць на друк стыкераў і ўлётак, платную рэкламу, неабходную для стварэння кантэнту тэхніку, падтрыманне сайта і іншыя тэхнічныя рэчы.
10. Я баюся, што далучэнне да ЗБС, альбо Студэнцкага Аб'яднання Універсітэта можа быць небяспечным для мяне
Людзі, адказныя за бяспеку і базы дадзеных, знаходзяцца не ў Беларусі, ва ўсіх ўсталяваная двухфактарная сістэма ідэнтыфікацыі ў телеграм, мы рэгулярна праводзім рэвізіі палітыкі бяспекі. Займацца верыфікацыяй валанцёраў і актывістаў будуць правераныя людзі, якія маюць магчымасць распавесці сваю гісторыю і паказалі сябе.

Вядома, што абсалютная беспека немагчымая ў прынцыпе, але мы звялі рызыку для кожнага асобнага ўдзельніка да мінімума.
11. Я ўжо ўдзельнічаю ў акцыях і ў пратэстным руху ў сваім універсітэце. Навошта мне далучацца да ЗБС або студэнцкага аб’яднання?
Калі вы падтрымліваеце акцыі і ініцыятывы страйкаму універсітэта, прадстаўленага ў ЗБС, то вы ўжо дапамагаеце нам разам набліжаць перамогу. Менавіта з гэтай мэтай і ствараліся Студэнцкія Аб’яднанні, якія злучыліся ў ЗБС.

Але, калі вы ўступіце, вы атрымаеце доступ да бяспечных пляцовак для абмеркавання акцый, агульнастудэнцкіх заяў і іншых ініцыятываў, юрыдычную дапамогу і, пры неабходнасці, падтрымку ў камунікацыі з партнёрскімі ініцыятывамі, якія ажыццяўляюць дапамогу рэпрэсаваным студэнтам: BYSOL, Сумленны Універсітэт і іншыя.

Карацей кажучы, перастанеце быць проста спажыўцом інфармацыі, а станеце паўнавартасным чальцом студэнцкага руху.
12. Я хачу, каб мой голас у студэнцкім руху быў улічаны, але не падтрымліваю стачкам свайго універсітэта і не хачу, каб ён выяўляў мае інтарэсы. Што рабіць?
Адна з роляў ЗБС — стварыць умовы, каб Студэнцкія Аб’яднання максімальна адказвалі патрабаванням большасці студэнтаў універсітэта. Мы падзяляем прынцыпы дэмакратычнасці і празрыстасці, і будзем рады выслухаць любое альтэрнатыўнае меркаванне і высунуць яго на абмеркаванне ўнутры Студэнцкага Згуртаваньня ці ўключыць вас саміх у дзейнасць СА.

Дзеля гэтага напішыце ў чат-бот ТГ-канала вашага універсітэта альбо, у выпадку праблем з камунікацыяй з адміністратарамі каналаў, звяжыцеся з ЗБС напрамую.
13. Як прымаюцца агульныя рашэнні ў ЗБС?
ЗБС выяўляе кансалідаванае меркаванне універсітэтаў, якія ўваходзяць у яго. Кожнае Студэнцкае Аб’яднанне універсітэта дэлегуе аднаго прадстаўніка ў Нацыянальную Студэнцкую Раду (НСР), якая і з’яўляецца органам, які прымае рашэнні.

НСР — найвышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган ЗБС, які прамаўляе ад імя ўсіх Студэнцкіх Аб’яднанняў і студэнтаў Універсітэтаў, якія яны прадстаўляюць. НСР з’яўляецца органам, а не самой арганізацыяй, да якой належаць студэнты.
14. Хто з'яўляецца прадстаўніком майго універсітэта ў НСР?
Спіс прадстаўнікоў ад усіх універсітэтаў кааліцыі ёсць тут.

З меркаванняў бяспекі некаторыя з нашых прадстаўнікоў застаюцца ананімнымі па ўласным жаданні.

Мы будзем імкнуцца да таго, каб усе прадстаўнікі сталі публічнымі, а таксама дэмакратычна абранымі на прамых выбарах прадстаўнікоў ува універсітэце. Больш падрабязна аб нашай праграме па стварэнні самакіравання чытайце тут.
15. Ці супрацоўнічаеце вы з іншымі структурамі і ініцыятывамі і калі так — якімі?
Вядома! Мы адкрытыя да любой кааперацыі і прыязныя да ўсіх блізкіх па духу ініцыятываў.

ЗБС з’яўляецца паўнавартасным членам Еўрапейскага студэнцкага саюза, які аб’ядноўвае ўсе студэнцкія саюзы і асацыяцыі краін Еўропы, маем кантакты з прадстаўнікамі Балонскага працэсу і Грамадскага Балонскага камітэта.

Таксама мы маем сувязь і прызнанне з боку вядучых дэмакратычных структур — офіса Святланы Ціханоўскай, КР, ініцыятывы «Сумленныя Людзі» і іншых. Поўны спіс нашых партнёраў вы можаце ўбачыць ніжэй:
Нашыя партнёры
Нацыянальныя:
Міжнародныя: